СВЯРДЛО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ўсх. схілах Сярэдняга і Паўн. Урала і зах. частцы Зах.-Сібірскай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Утворана 17.1.1934. Пл. 194,8 тыс. км². Нас. 4603 тыс. чал. (2000), гарадскога 87,6%. Цэнтр — г. Екацярынбург. Найб. гарады: Ніжні Тагіл, Каменск-Уральскі, Перваўральск, Сяроў, Азбест, Раўда.

Рэльеф Сярэдняга Урала слабахвалісты, найб. высокія вяршыні на Паўн. Урале — Канжакоўскі Камень (1569 м) і Дзенежкін Камень (1492 м). Ускраіна Зах.-Сібірскай раўніны займае ​2/3 тэр. вобласці. Карысныя выкапні: жал. і медныя руды, каменны і буры вугаль, азбест, тальк, мармур, золата, плаціна, каштоўныя камяні, торф і інш. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да -15 °C на Пд, ліп. ад 16 °C на Пн да 19 °C на ПдУ. Ападкаў 350—600 мм за год. Асн. рэкі: Таўда, Тура, Ісець (бас. р. Об) і Чусавая, Уфа (бас. р. Кама). Глебы падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у паласе лесастэпу шэрыя лясныя і чарназёмныя. Пад лесам каля 61% тэр. У горнай ч. пераважае цемнахвойная тайга, па нізкіх мясцінах — яловыя лясы з дамешкамі кедру. Шмат балот. На ПдУ лесастэп. Нац. парк Прыпышмінскія бары, запаведнікі Вісімскі і Дзенежкін Камень.

С.в. — адзін з найб. развітых прамысл. рэгіёнаў Расіі. У прам-сці (1999) вядучае месца належыць каляровай (31%) і чорнай (19,8%) металургіі, машынабудаванню (цяжкае, энергет., трансп. станкабудаванне, эл.-тэхн. і інш.) і металаапрацоўцы (15,7%), электраэнергетыцы (10,8%). Вытв-сць алюмінію, медзі, нікелю, пракату чорных металаў (3,4 млн. т), выплаўка сталі (5,4 млн. т). Вытв-сць пракатных станаў, абсталявання для доменных пячэй, нафтабуравых установак, буйных эл. машын, турбін, кормаўборачных камбайнаў, вагонаў, аўтапрычэпаў, матацыклаў, металарэзных станкоў, абсталявання для хім., лясной і дрэваапр. прам-сці, ваен. тэхнікі (танкаў, ракетных комплексаў, авіяц. оптыкі), падшыпнікаў, кабелю, трансфарматараў, халадзільнікаў, пыласосаў, пральных машын, радыёапаратуры і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,8 млрд. кВтгадз. Белаярская АЭС, Верхнетагільская, Ніжнетурынская, Рафцінская, Сяроўская, Сярэднеўральская ДРЭС. Развіты коксахім., хім. (шыны, мінер. ўгнаенні, пластмасы, хім. рэактывы, гумава-тэхн. вырабы, лакі, фарбы) і хіміка-фармацэўтычная (антыбіётыкі), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, фанера, мэбля, кардон, папера), буд. матэрыялаў, азбеставая, лёгкая і харч. прам-сць. Здабыча жал. і медных руд, золата, баксітаў, азбесту, тальку, вугалю, торфу. Вытв-сць ювелірных вырабаў з уральскіх самацветаў і вырабных камянёў. Сельская гаспадарка жывёлагадоўча-збожжавага кірунку. Гадуюць малочна-мясныя пароды буйн. раг. жывёлы, свіней, коз, авечак, птушак. Пасяўныя пл. займаюць 1,2 млн. га (1999).

Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, шматгадовыя травы, кукурузу на сілас, караняплоды, бульбу і агародніну (пераважна вакол буйных гарадоў і на Пд вобласці). Даўж. чыгункі 3551 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,1 тыс. км. Асн. чыг. вузлы: Екацярынбург, Ніжні Тагіл, Сяроў, Каменск-Уральскі, Арцёмаўскі і інш. Суднаходства па р. Таўда і яе прытоках Лозьва і Сосьва і р. Тура. Газаправоды Урэнгой—Сяроў—Ніжні Тагіл—Екацярынбург, Бухара—Урал (да Екацярынбурга), транзітны газаправод Урэнгой—Памары—Ужгарад і нафтаправод Сургут—Перм—Ніжні Ноўгарад. Курорты: Абухава, Кур’і, Ніжнія Сяргі, Самацвет, Малтаева Возера.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)